Сяргей Шыдлоўскі - Гісторыя Беларусі - История Беларуси - History of Belarus

http://www.epolotsk.com/19_century/

ШТОДЗЁННАЕ ЖЫЦЦЁ СТУДЭНТАЎ ПОЛАЦКАЙ АКАДЭМІІ: Паводле ўспамінаў Э.Т. Масальскага (КУЛЬТУРА ШЛЯХТЫ)

Курсівам у тэксце вызначаны фрагменты, якія па загадкавых прычынах не трапілі ў часопісную публікацыю Arche. Без узгаднення з аўтарам у часопісе была зменена таксама назва артыкула.

Шыдлоўскі, С.А. Карты, танцы і другія забавы студэнтаў Полацкай акадэміі / С.А. Шыдлоўскі // Arche. - 2009. - № 4. - С. 312-315.

Полацкая езуіцкая акадэмія (1812–1820) разам з Горы-Горацкім земляробчым інстытутам (1848–1864) — найстарэйшыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі.Менавіта ў іх мурах фарміраваліся традыцыі беларускага студэнцтва. Аднак дыскрэтны характар гісторыі вышэйшай адукацыі ў Беларусі прывёў да занядбання гэтага досведу. Як вынік, сучасныя беларускія студэнты выкарыстоўваюць пераважна чужыя культурныя формы, кшталту святкавання Таццянінага дня. Бачыцца таму актуальнай задача рэканструкцыі традыцыйных завядзёнак дадзенага пласту нашай сацыяльнай культуры.

На жаль, захавалася мала сведчанняў з побыту старога беларускага студэнцтва. Асабліва мізэрныя нашы веды аб жыцці навучэнцаў Полацкай езуіцкай акадэміі. Таму кожная новая крыніца павінна найхутчэй даводзіцца да ведама як навуковых, так і шырокіх грамадскіх колаў. Такім адкрыццём для айчыннага чытача могуць стаць мемуары выхаванца Полацкай езуіцкай акадэміі Эдварда Тамаша Масальскага (1799–1879), вядомага пісьменніка, аўтара “першага айчыннага сацыяльнага рамана” “Пан Падстоліч” (у 5 тамах на польскай мове ў 1831–1833, у 4 тамах у перакладзе на рускую мову — 1833–1834).

Э. Масальскі вучыўся ў Полацку з 1816 года і да закрыцця Акадэміі ў 1820-ым. Разам з ім тут знаходзіліся і два яго родныя браты — малодшыя Караль і Юзаф. Апошні вядомы сучасным гісторыкам літаратуры як аўтар паэтычнага зборніка “Паэзія”. Пасля закрыцця полацкай Alma mater Э. Масальскі накіраваўся ў Віленскі універсітэт. Параўноўваючы гэтыя дзве ўстановы, аўтар мемуараў адзначаў больш сучасны ўзровень выкладання ў Вільні, аднак падкрэсліваў, што ў Полацку існавала прывабная маральная атмасфера як сярод студэнтаў, так і выкладчыкаў. Менавіта ў рэакцыі на дэмаралізацыю акадэмічнага асяродка Вільні Э. Масальскі бачыў прычыну стварэння філарэцка-філамацкіх суполак. Масальскія прынялі актыўны ўдзел у гэтых нефармальных структурах і неўзабаве трапілі ў эпіцэнтр падзеяў, звязаных з урадавым пераследам філамацкай моладзі. Не зважаючы на сваю шчыльную заангажаванасць у гістарычных хваляваннях у Вільні, Э. Масальскі падкрэслівае вялікае значэнне досведу і сяброўскіх сувязяў, набытых ім у Полацку, згадваючы з асаблівым лірызмам гэты перыяд свайго жыцця. Сярод полацкіх студэнтаў, якія ў адзін час вучыліся з аўтарам мемуараў і вызначаліся сваімі здольнасцямі, называюцца імёны Даната Жаброўскага, Канстантыя Сербіновіча, Пятра Ельяшэвіча, Гаўдэнтыя Шапялевіча і Яна Баршчэўскага.

Штодзённы побыт студэнтаў Акадэміі адрозніваўся ў залежнасці ад эканамічных магчымасцяў навучэнцаў. Студэнты, што валодалі дастатковымі сродкамі, каб здымаць прыватныя кватэры, мелі больш свабоды ў параўнанні са сваімі таварышамі, якія жылі ў езуіцкім канвікце — кшталту недарагога пансіёна. У апошнім існавалі абавязковыя правілы ўнутранага распарадку, напрыклад, прадугледжваліся пазашкольныя заняткі, рэгламентаваўся час абуджэння і адбою, прыняцця ежы, малітваў і пасту.

Ураджэнец Міншчыны Э. Масальскі належаў да адносна заможнай сям'і. У першы год свайго навучання браты Масальскія знайшлі ў Полацку кватэру і стол ва ўдавы кандытара італьянкі Машынскай, а на другі год да іх паслуг быў ужо амаль цэлы паверх вялікага дому — трохпакаёвая кватэра з вітальняй, да якой прымыкала вялікая зала для танцаў. Гэта паспрыяла таму, што апартаменты Масальскіх неўзабаве ператварыліся ў нефармальны студэнцкі клуб, заўсёднікамі якога з'яўлялася каля дваццаці навучэнцаў. Апошнія збіраліся тут для сумеснага цвічэння езуіцкіх навук, аднак звычайна гэта была толькі нагода для забаваў.

Браты Масальскія пад пратэкцыяй сясцёр прэфекта ксяндза-езуіта Снарскага, непасрэднага кіраўніка навучальнага працэсу ў Акадэміі, і жонкі свайго знаёмага, наглядчыка полацкіх водных камунікацый на Дзвіне Хведара Масальскага, арганізавалі “танцавальны гурток”. Ад імя шаноўнай пані Масальскай для навучання танцам былі запрошаны палачанкі, жонкі мясцовага чыноўніцтва з дочкамі, а таксама мясцовыя немкі-купчыхі. Гэтыя заканспіраваныя з увагай на строгі езуіцкі кантроль балі займелі вялікую папулярнасць сярод полацкіх студэнтаў. Балі былі зрэшты надзвычай прыстойныя і сціплыя, пад час пасту яны касаваліся ўвогуле. Пары паважна танцавалі пад фартэпіяна. На агульныя складкі ладзіўся пачастунак: звычайна ў мізэрнай колькасці віно, а таксама гарбата і здоба.

Былі сярод студэнтаў і заўзятыя шалапуты, аматары карт і розных іншых заганных у езуіцкіх мурах забаваў. У Акадэмію яны хадзілі толькі для формы, шукаючы прыгод і весялосці. Апошнія былі ў асноўным выхадцамі з тутэйшых дробнашляхецкіх сямей, якія традыцыйна разглядалі езуіцкае навучанне толькі як сродак набыцця свецкага полеру.

Свой вольны час студэнты выдаткоўвалі аднак не толькі на забавы. Жадаючыя бралі прыватныя курсы. Э. Масальскі апісвае падобныя зборні, якія таксама па збегу акалічнасцяў адбываліся ў яго кватэры. Да Масальскіх прыходзіў ангельскі яўрэй, агент Біблейскага Таварыства Маркс і даваў жадаючым з дазволу езуітаў урокі ангельскай і яўрэйскай моваў.

Сціслы характар выкладу навук у езуітаў дазваляў старанным студэнтам наведваць адразу некалькі курсаў. Так, Э. Масальскі пасля атрымання патэнту на ступень кандыдата на трэцім годзе свайго навучання праслухоўваў лекцыі на матэматычным і юрыдычным аддзяленнях, працягваючы таксама студыі грэчаскай і яўрэйскай моў.

Сярод студэнтаў вылучалася некалькі груп паводле іх стаўлення да навукі. Для адных навучанне ў Акадэміі была сродкам зрабіць духоўную ці выкладчыцкую кар'еру. Яны былі згрупаваны ў асноўным на тэалагічным факультэце. Ступень доктара багаслоўя давала таксама права на чыноўніцкі ранг восьмага класа. Сюды таксама запісваліся асобы, якія хацелі займацца навукай, — як лічылася, тут былі лепшыя лектары.

Другая “партыя” — моладзь, схільная да гуманітарных дысцыплін і мастацтва. Іх густам больш адпавядаў факультэт свабодных навук. Пад час навучання Э. Масальскага тут было тры аддзела: 1) уласна “вызваленых навук” (выкладалася мастацтва рыфмавання, красамоўства, усеагульная гісторыя, гісторыя старажытнасці, малюнак, музыка і іншае); 2) філасофскі аддзел (логіка, метафізіка, дыялектыка, этыка, натуральная тэалогія разам з чыстай і практычнай матэматыкай, фізіка, хімія і натуральная гісторыя); 3) юрыдычны аддзел (натуральнае права, кананічнае права, рымскае, краёвае цывільнае і крымінальнае права разам з судовым працэсам). На першых двух аддзелах выкладанне вялося на лаціне і вызначалася схаластычнасцю. На юрыдычным — частка прадметаў (“літоўскі статут” і “судовы працэс”) чыталіся па-польску, выкладчыцкі склад тут, як адзначае Э. Масальскі, быў найбольш слабым у Акадэміі.

Пасля іспытаў першага году навучэнцы атрымлівалі ступень студэнта пэўнага факультэту і раз'язджаліся на вакацыі па дамам. Пасля іспытаў другога года паспяховыя студэнты атрымлівалі патэнт кандыдатаў абраных навук і частка на гэтым спыняла сваю адукацыю ў езуітаў. Пасля трэцяга году здаваліся іспыты на годнасць магістра. Навуковыя ступені Полацкай акадэміі прыраўноўваліся да адпаведных ступень расійскіх універсітэтаў і давалі права на пэўныя рангі пры паступленні на чыноўніцкія пасады ў царскіх цывільных установах. Аднак у 1819 годзе, калі Э. Масальскі атрымаў годнасць магістра, царскім загадам гэтае палажэнне было адменена. Езуіты трапілі ў няміласць. Аднак загад не агалошваўся шырока сярод чыноўніцтва, і, як сведчыць Э. Масальскі, гэта давала студэнтам шанц атрымаць усё ж належны клас на дзяржаўнай пасадзе. Гэтым паспелі скарыстацца шэраг полацкіх выпускнікоў, якія традыцыйна пасля заканчэння Акадэміі шукалі свой шанец у Пецярбурзе на царскіх цывільных пасадах. На чацвёрты год навучання заставаліся пераважна асобы, якія збіраліся звязаць свой лёс з Ордэнам і атрымаць навуковую годнасць доктара. Сярод апошніх быў і Э. Масальскі, хоць бацька і забараніў яму думаць аб духоўнай кар'еры.

На чацвёртым годзе сваёй адукацыі ў першых тыднях 1820 года калегі абралі Э. Масальскага на пасаду прэфекта садалісаў — кшталту студэнцкіх старастаў — лепшых вучняў. Гэта лічылася надзвычай ганаровай пасадай. Першым прэфектам полацкіх садалісаў быў Стэфан Баторы, дзякуючы якому полацкі езуіцкі калегіум быў заснаваны ў 1581 годзе — трэцім пасля Віленскага і Нясвіжскага. Па Баторыю гэтую пасаду займалі буйныя мясцовыя чыноўнікі і выбітныя вучні.

Незвычайна ўрачыстай выглядала цырымонія ганаравання прэфекту садалісаў. Прэфекта садзілі на трон у полацкім касцёле св. Стэфана. Перад ім на зэдліках сядзелі віцэ-прэфекты і асістэнты. Адзін з лепшых вучняў прамаўляў да прэфекта арацыю. Прэфект меў права раздавацьь патэнты новым садалісам. Ён таксама мусіў кантраляваць непасрэдна іх паводзіны. Прэфект садалісаў перадаваў езуіцкаму кіраўніцтву спісы беднай моладзі на стыпендыю касы садалісаў, што збіралася на грошы ад продажу грамнічных свечак. Свечкі развозіліся прэфектам разам з садалісамі па дварах мясцовага дваранства, і такім чынам збіраліся неабходныя сумы для стыпендыі.

Напрыканцы зімы 1820 года памёр генерал ордэна езуітаў Т. Бжазоўскі, што паскорыла працэс ліквідацыі дзейнасці езуітаў на землях Расійскай імперыі. Мінула толькі некалькі дзён пасля пахавання Т. Бжазоўскага, як у вечар перад святам Вяліканочы, калі навучэнцы звычайна раз'язджаліся па дамам, у Полацку пачуўся гоман, і студэнты даведаліся, што рота жандараў атачыла муры езуітаў. Днём выявілася, што губернскім царскім чыноўнікам апячатаны ўсе езуіцкія ўстановы: бібліятэкі, фізічны кабінет, музей, друкарня, фабрыка сукна, склады, кладоўкі і рызніцы. Членам ордэну абвясцілі загад аб іх тэрміновай высылцы за мяжу. Студэнтаў распусцілі па дамам. Пачаўся, па сведчанню Э. Масальскага, рабунак полацкага калегіума губернскім віцебскім чыноўніцтвам, якое, выкарыстоўваючы няпэўную сітуацыю, прысвойвала аграмадныя матэрыяльныя запасы — збожжа, віна, сукно. Што датычыць царкоўнага начыння, кніг, навучальнага рыштунку, — гэта было перададзена дамініканам. Як піша Э. Масальскі, езуітам аднак удалося схаваць архіў сваёй касы, дзе знаходзіліся распіскі іх даўжнікоў, па сутнасці большасці прадстаўнікоў мясцовага беларускага дваранства, што дазволіла выратаваць ад экспрапрыяцыі аграмадныя багацці.

Езуітам таксама, па сведчанню Э. Масальскага, удалося схаваць і вывесці дванаццаць тысяч тамоў польскамоўнай бібліятэкі і кабінет старажытнасцяў, што ўтрымліваў каштоўныя каралеўскія рэгаліі розных часоў і народаў, прадметы ювелірнага мастацтва і іншае. Перад сваім выездам езуіты выдалі вучням пасведчанні аб сканчэнні Акадэміі і прысваенні навуковых ступеняў, залічыўшы ім няскончаны вучэбны год і неадбыўшыеся іспыты. Акрамя таго езуіты пакідалі на памяць сваім студэнтам сотні каштоўных унікальных тамоў з уласных бібліятэк, якія не было магчымасці цалкам вывесці. Адзін толькі Э. Масальскі вывез да бацькі цэлую падводу з кнігамі езуітаў, а таксама партрэт Баторыя ў поўны рост з езуіцкай трапезнай. Як сведчыць Э. Масальскі, выезд езуітаў з Полацку выклікаў вялікае ўзрушэнне сярод палачан, якія натоўпамі з лямантам суправаджалі кожную езуіцкую брычку.

Такім чынам, сведчанні Э. Масальскага з’яўляюцца каштоўнай крыніцай, здатнай значна пашырыць нашы веды аб побыце беларускага студэнцтва першай чвэрці ХІХ стагоддзя. Пэўныя звесткі з’яўляюцца проста унікальнымі. Напрыклад, дзякуючы Э. Масальскаму можна даведацца, што ў 1819 годзе ён разам з сябрамі пачаў выдаваць перыядычны часопіс літаратурнага характару. Сярод аўтараў гэтага полацкага студэнцкага выдання, невядомага сучасным гісторыкам беларускай літаратуры, Э. Масальскі называе імёны Генрыка Віткоўскага, Юзафа Сурына, дваіх братоў Шадурскіх, Багамольца, Аркадзя Ражкоўскага, Юзафа Касакоўскага, Рамана Лахніцкага, Караля Ваньковіча і сябе. Часопіс быў рукапісны, кожны выпуск звычайна налічваў некалькі дзесяткаў асобнікаў. На часопіс падпісваліся выкладчыкі Акадэміі і мясцовыя памешчыкі, бацькі полацкіх студэнтаў.

Напрыканцы варта сказаць, што мемуары Э. Масальскага ўжо перакладзены аўтарам дадзенага артыкула на беларускую мову і чакаюць сваёй публікацыі. Яны заслугоўваюць найхутчэйшага ўвядзення ў айчынны навуковы і шырокі чытацкі ўжытак.

С.А. Шыдлоўскі