КУЛЬТУРА ШЛЯХТЫ - С.А. Шыдлоўскі. УРБАНІСТЫЧНЫ АСПЕКТ КУЛЬТУРЫ БАВАЎ ПРЫВІЛЕЯВАНАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСІ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІХ СТАГОДДЗЯ


УРБАНІСТЫЧНЫ АСПЕКТ КУЛЬТУРЫ БАВАЎ ПРЫВІЛЕЯВАНАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСІ Ў ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХІХ СТАГОДДЗЯ

Шыдлоўскі С. А. (Полацк, УА “ПДУ”)

Крыніца: Шыдлоўскі, С.А. Урбаністычны аспект культуры баваў прывілеяванага саслоўя Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя / С.А. Шыдлоўскі // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры: зборнік навуковых артыкулаў / рэдкал.: І.П. Крэнь, І.В. Сарокіна [і інш.]. — Гродна: ГрДУ, 2007. — с. 285–288.

Шляхта, прывілеяванае саслоўе Беларусі, з’яўлялася пераважна вясковым станам. Больш рашучае пранікненне яе ў культурную прастору горада, якое выявілася найперш у сферы баваў і адпачынку, адбываецца на працягу першай паловы ХІХ стагоддзя. Можна вылучыць пэўныя локусы, дзе здзяйснялася гэтая экспансія. Перадусім гэта кірмаш, традыцыйны пункт камунікавання розных саслоўяў і культур на землях Беларусі. Слова “кірмаш” у ХІХ стагоддзі азначала не толькі торг, але і гулянне, “прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры”. Звычайна кірмашы ладзіліся летам і восенню ў гадавыя святы [1, 234]. Кірмашы праводзіліся ва ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі [2, 103]. Свецкую атмасферу пад час ладжання, напрыклад, свіслацкіх кірмашоў сучаснікі параўноўвалі з карлсбадскай – па багаццю разнастайных формаў баўлення і шырокаму ўдзелу арыстакратыі [3, 35].
На кірмашы прыязджалі прыватныя тэатральныя антрэпрызы. Адбываліся цыркавыя дэманстрацыі з фокуснікамі, канатаходцамі, гімнастамі. Распаўсюджанай пад час кірмашоў формай баўлення часу былі касцюмаваныя танцавальныя вечарыны [4, 78-79]. Кірмашовыя імпрэзы вылучаліся масавасцю і сацыяльнай разнастайнасцю ўдзельнікаў. Кірмашы маглі супадаць са шляхецкімі выбарамі, кантрактамі, што яшчэ больш павялічвала сумеры ўрачыстасцяў. Кантракты, дзелавыя і гандлёва-фінансавыя імпрэзы, якія адбываліся штогод у буйных гарадах краю, збіралі “высокае” грамадства. Пад час сакавіцкіх кантрактаў у Мінску набывалі, прадавалі і арандавалі маёнткі, браліся і выплочваліся пазыкі ды адсоткі, замацоўваліся ўмовы на пастаўкі ў Рыгу хлеба, карабельнага лесу, пенькі, ільну, ільнянога семя і г.д. Акрамя таго, намаўляліся ў маёнткі эканомы, пісары, афіцыялы [5, 97]. Віленскія святаюр'еўскія кантракты з'яўляліся тым рэдкім момантам, калі ў край, каб сплаціць або атрымаць пазыкі, вярталася арыстакратыя, што перабывала звычайна за яго межамі [6, 7]. Да кантрактаў прымяркоўваліся тэатральныя і цыркавыя паказы, канцэрты, балі, званыя абеды.
Саслоўнымі асяродкамі баўлення вольнага часу з'яўляліся “дваранскія сабранні”, куды перыядычна з'езджаліся шляхецкія сем'і з правінцыі на дваранскія выбары, тутака ж адбываліся і розныя танцавальныя і касцюмаваныя вечары. Пазней іх функцыю часткова падмянілі клубы. Больш дэмакратычнымі зонамі баваў і адпачынку былі грамадскія паркі, бульвары, корчмы і шынкі, якія прадугледжвалі калі і не цалкам роўны ўдзел усіх саслоўяў, дык іх пасіўную глядацкую прысутнасць. Месцам, дзе магло бавіцца сацыяльна-змешанае грамадства, былі таксама рэдутовыя залы. Камерцыйныя танцавальныя вечарыны – рэдуты, што ладзіліся ў буйных гарадах краю на запусты, вымагалі ад удзельнікаў наяўнасці масак. Маска мусіла гарантаваць роўнасць у сацыяльна-змешанай кампаніі адпачываючых, што адпавядала эканамічным інтарэсам арганізатараў рэдутаў, якія такім чынам заахвочвалі да ўдзелу ў вечарынах больш шырокага кола ўдзельнікаў (шляхту, купецтва, разначынную інтэлігенцыю). Акрамя таго маска стварала пэўныя авантурныя варункі ў адносінах палоў. Галоўнымі бавамі на рэдутах былі танцы і картачная гульня. Пад час вечара за асобную плату можна было набываць алкаголь [7, 150].
Вакол маскарадаў узнікала мноства легендаў. Мемуарысты распавядаюць пра містычныя здарэнні, звязаныя з маскарадамі, пра прароцтвы, якія адбываліся на іх, аб з’яўленні на маскарадах памерлых ды іншае. Але маскарад быў перадусім месцам нястрыманай весялосці, дзе дазваляліся рэчы, табуяваныя ў звычайных абставінах. Сучаснікі адзначалі паступовую дэградацыю маральнай атмасферы маскарадаў [8, 12]. Як піша граф Л. Патоцкі: “У Варшаве ў велізарных ярка асветленых маскарадных залах таўкуцца, пхаюцца, праціскаюцца тысячы масак. Турчанкі, індускі, цыганкі, яўрэйкі, негрыцянкі, немкі, шведкі, неапалітанкі, іспанкі, кракавянкі, узоры розных народаў побач з фантастычнымі выдумкамі міфалагічных багіняў, рознакаляровых даміно. Паміж імі арлекін з каламбінаю, чараўнік з вяшчункаю, пілігрым з пілігрымкаю, пастушкі, літоўскія вайдэлоткі, русалкі, усе пад маскамі і кожная цябе зачэпіць, піша на руцэ іерогліфы або лічбы. Адна пытаецца, ці пазнаеш яе, другая заяўляе, што цябе кахае, іншая запрашае да сябе на заўтра, дае найчасцей выдуманы нумар дома. А тая просіць, каб яе пачаставаў марожаным, цукеркамі, вячэраю, а часам нават пончыкам...” [3, 92].
У Мінску на Высокім рынку ў доме Гейдукевіча адбываліся касіны, танцавальныя вечары, якія арганізоўваліся ў розны час, але асабліва шырока зімой – на Карнавал [4, 150]. У Вільні касіны ладзіліся пад ачолай Я. Ходзькі. Папулярным месцам для гэтых танцавальных збораў быў дом Мюлера. Зборы ад іх правядзення ішлі на карысць Дома Дабрачыннасці. Гулянні працягваліся да ўсходу сонца. Найбольш распаўсюджанымі танцамі на падобных вечарынах былі мазуркі і вальсы.
Баль, у адрозненні ад іншых танцавальных імпрэзаў, з’яўляўся рытуалізаванай дзеяй. У ім, як правіла, удзельнічалі людзі аднаго сацыяльнага кола. Ён быў важнай часткай механізма саслоўнай рэпрадукцыі прывілеяванага стану, неад’емным складніком матрыманіяльных стратэгій арыстакратыі. Баль з’яўляўся месцам размаітых камунікацый – ад мілосных да грамадска-палітычных [9, 76]. Гэта была тая пляцоўкай, дзе ўпершыню выяўляліся і замацоўваліся размаітыя модныя тэндэнцыі. Балі праводзіліся ўвесь год, за выняткам часу пастоў. Галоўным бальным сезонам была зіма [10, 144].
Існавала традыцыя даваць грамадскія балі і абеды ў гонар шанаваных людзей або з нагоды пэўных падзеяў. Балі, што ладзіліся для каранаваных асобаў, узнімаліся да вышыняў мастацтва. Прыкладам могуць слугаваць балі, якія адбываліся ў Вільні на працягу 1812 годы пачаргова ў гонар расейскага і французскага імператараў. Часткай гэтых дзеяў былі кантаты, спевы, іншыя формы гларыфікацыі асобаў, якія ўшаноўваліся [11, 153].
Балі адкрываліся менуэтамі, а пазней – паланэзамі. Пасля паланэза звычайна пачыналася кадрыль. Існавалі нацыянальныя адмены гэтага танца – расейская, нямецкая, французская (контраданс) ды польская. Наступным танцам з’яўляўся вальс. Галоўным танцам на бале ўважалася мазурка. Сканчаўся баль катыл’ёнам [12, 21-28]. Танцавалі на балях пад аркестр. Пэўныя радзіны, якiя пераязджалі на зіму з сваіх маёнткаў у горад, трымалі так званыя “адкрытыя дамы”, у якія можна было патрапіць на званы абед ці вячэру амаль штодня або ў асобна вылучаны дзень. Падставамі падобнай гасціннасці былі або матрыманіяльныя разлікі, або палітычныя гледзішчы з увагі на будучыя шляхецкія выбары, або неабходнасць падтрымкі сацыяльнага прэстыжу, як гэта магло быць, напрыклад, з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі.
Адной з прэстыжных формаў баўлення вольнага часу ў прывілеяванага саслоўя з’яўляўся тэатр. Тэатральная ложа была своеасаблівай філіяй салону. Наведванне тэатру рабілася нагодай для дэманстрацыі модных строяў, навязвання свецкіх кантактаў. Па дасціпнай заўвазе сучасніка, на правінцыі тэатральныя спектаклі замянялі публіцы судовыя паседжанні. Прамовы адвакатаў (глосы), выкладанне прэтэнзіяў (маніфесты) друкаваліся і распаўсюджваліся [5, 80]. Мясцовая адвакацкая школа вызначалася сваёй адукаванасцю і красамоўствам [11, 122].
Эпіцэнтрамі “моднага” жыцця летам рабiлiся гарадскія бульвары, грамадскiя паркі і сады, дзе ўвечары грала музыка, а на святы ладзіліся ілюмінацыі і феерверкі [4, 147]. Шпацыры на бульварах і ў садах дапаўнялiся наведваннем трактыраў, у якіх пад час кантрактаў, святаў ды кірмашоў грала музыка. Жанчыны ўпадабалі цукерні, дзе можна было паспытаць шакалад, пачытаць прэсу. Прыватныя сады, якія арэндаваліся прадпраймальнікамі ці пераводзіліся ў ранг грамадскіх самімі гаспадарамі, гэтаксама як і танцавальныя вечарыны (рэдуты), могуць слугаваць прыкладам далейшая камерцыялізацыя і прафесіяналізацыя культуры адпачынку ў першай палове ХІХ стагоддзя. Апошняе спрыяла дэмакратызацыі грамадскіх забавак, яны зрабіліся больш масавымі. Пры баўленні вольнага часу акрамя гледзішчаў сацыяльнай прэзентацыі, прывілеяванае саслоўе пачало пільнаваць і карысць баваў для здароўя ды інтэлектуальнага развою.
Такім чынам, характар баўлення вольнага часу прывілеяваным саслоўем Беларусі ў першай палове ХІХ стагоддзя не здолеў пазбегнуць трансфармацый, што вынікалі з тэндэнцый урбанізацыі ды індустрыялізацыі грамадства.

Літаратура

1. Кісялёў Г. Жылі-былі класікі: Хто напісаў паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. – Мн.: Бел. Навука, 2005. – 549 с.
2. Гісторыя Беларусі: з 1795 г. да вясны 1917 г. : Вучэбны дапаможнік/ І.І. Коўкель, І.П. Крэнь, Л.У. Бярэйшык і інш.; Рэд. Кал.: І.П. Крэнь, І.І. Коўкель. – Мн.: “Аверсэв”, 2001. – 400 с.
3. Патоцкі Л. Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану. – Мн.: Полымя, 1997. – 270 с.
4. Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., Юнацтва, 1992. – 251 с.
5. Булгарын Ф. Выбранае. – Мн.: “Беларускі кнігазбор”, 2003. – 592 с.
6. Puzynina G. W Wilnie i w dworach litewskich. Pamiętnik z lat 1815-1843. – Krakow: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. – 389 s.
7. Kitowicz J Opis obyczajów za panowania Augusta III. Wyd. 2 zmien. – Wrocław, 1951. – 613 s.
8. Роткирха фон В. Мертвец в маскараде. [вступит. ст. и подготовка текста П. Лавринца] // Вечерние новости. 1995. № 2 (11045).
9. Яковкина Н.И. Русское дворянство первой половины ХІХ века. Быт и традиции. – СПб.: “Лань”, 2002. – 160 с.
10. Захарава О. Ю. Светские церемониалы в России XVIII – начала ХХ в. – М. : ЗАО Центрполіграф, 2003. – 329 с.
11. Живописная Россия. Т. 3.: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. Воспроизведение изд. 1882 г. – 2-е изд. – Мн.: БелЭн, 1994. – 550 с.
12. Марченко Н. Приметы милой старины. Нравы и быт пушкинской эпохи. – М.: Изографус, Эксмо, 2002. – 368 с.

Создано : 17/11/2008 @ 19:14
Обновлено : 16/04/2009 @ 08:18
Категория : КУЛЬТУРА ШЛЯХТЫ
Страница просмотрена 939 раз


Предпросмотр печати Предпросмотр печати     Версия для печати Версия для печати

Комментарии:



^ Наверх ^