КУЛЬТУРА ШЛЯХТЫ - Сяргей Шыдлоўскі. Шляхецкі этас у творах А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" і Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня"


Сяргей Шыдлоўскі


Шляхецкі этас у творах А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш" і Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня"



Сяргей Шыдлоўскі. Шляхецкі этас у творах А. Міцкевіча і Я. Баршчэўскага "Шляхціц Завальня" // Acta albaruthenic: Навуковы зборнік. Выпуск пяты. - Мн.: Права і эканоміка, 2005. - 284 с. С. 177-182.

У літаратуры няма абсалютных велічыняў. Ацэнка творчасці носіць збольшага суб'ектыўны характар і залежыць не толькі ад ступені таленавітасці аўтара, але і ад культурна-гістарычнага кантэксту, у які ўлучаны чытач. Як прыклад, рэцэпцыя польскамоўных твораў Я. Баршчэўскага і А. Міцкевіча сучаснай беларускай культурай. Баршчэўскі і Міцкевіч патрапілі выявіць выразныя тыпы нацыянальнай арыстакратыі. І першы, і другі сакралізавалі мінулае, краявід, народ тутэйшай зямлі. Але вобразы Радзімы, створаныя імі, для нас пакуль не знітаваліся. І дасюль беларуская нацыянальная думка не вызначылася напэўна – чым ёсць "Літва" Міцкевіча і "Беларусь" Баршчэўскага – сінонімамі або альтэрнатыўнымі сусветамі.
Ліцвінскі пан і забеларускі шляхціц патраплялі спалучацца ў адной асобе, не зліваючыся, бо апелявалі да розных культурных кодаў, урэшце, да адрозных літаратурных жанраў. Так было з Сыракомлем, Рыпінскім, Дуніным-Марцінкевічам. Яны разам з "ліцвінскімі" тэкстамі пакінулі нам і азнакі сваіх беларускіх культурных практыкаў. Міцкевіч жа азваўся пра беларусаў адно колькімі радкамі.
Паводле вядомай ў беларускай літаратурнай крытыцы шкалы паэтычнага тэмпераменту Адам Міцкевіч – "пясняр". Паэту не хапіла прарочай празорлівасці, каб разгледзець гістарычныя перспектывы для беларускага (русінскага, адпаведна даўняй тэрміналогіі) этнасу, да якога ён належаў па мячу. Пра гэтую невідушчасць вялікага паэта пісалі многія беларускія даследчыкі, пачынаючы з М. Каяловіча [Цьвікевіч 1993, 217] і не сканчваючы С. Яновічам [Яновіч 2005].
Час беларускага этнічнага нацыяналізму ў першай палове ХІХ стагоддзя не прыспеў? Але ж Я. Чачот ужо збіраў "крывіцкую" лексіку і песні. У гэты ж час кшталтаваўся светапогляд Я. Баршчэўскага. Урэшце, быў украінскі прыклад Т. Шаўчэнкі. Няма прарока ў сваёй Айчыне? Але якая Айчына ў Адама Міцкевіча? Польшча, Беларусь, Летува... Літва, яго Айчына, выглядае у наш час настолькі ж заміфалагізаванай, як тая Элада. Яе можна багоміць, але выводзіць з Вялікага княства ўласныя радаводы – гэтак жа рызыкоўна, што і будаваць замкі з пяску. Якой паўстае на старонках "Пана Тадэвуша" Літва, што агульнага ды адрознага з ёй у Беларусi? Які светапогляд, стыль жыцця ў ліцвінскага пана Тадэвуша і беларускага шляхціца Завальні?
Краявід – вось спецыфічны беларускі элемент у паэме А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Што датычыць апісання ландшафту, флоры і фауны, гукаў і пахаў – тут мы можам быць пэўнымі ў падабенстве нашых з Міцкевічам адчуваннях Радзімы. Розначытанні паміж вобразамі нашай Бацькаўшчыны ўзнікаюць, калі гаворка у паэме зварочвае на сацыяльны складнік яе гістарычнага краявіду. На старонках "Пана Тадэвуша", немалой эпічнай паэмы, не знойдзеш разгорнутага апісання ані гораду, ані паспалітай вёскі. Паэт апісвае маёнтак ды засценак, апошні – Дабжына, што праўда, мазурскі. Паэма Міцкевіча "Пан Тадэвуш" – сапраўдны хваласпеў лесу, літоўскай пушчы. Але нівы, поля, уробленага сялянскай працай, тут не знойдзеш. Адпаведна няма на старонках паэмы месца ані селяніну, ані месцічу. З павагай апiсваецца габрэйскі побыт, але праваслаўныя суайчыннiкi, складваецца ўражанне, былі вядомыя паэту адно пад неаўтэнтычным назовам “схiзматыкi“.
"Пан Тадэвуш" – гімн аднаму саслоўю, рэтраспектыўны позірк у мінулае мілітарнай арыстакратыі, эпітафія рыцарскаму этасу ўсёй Еўропы. Адсюль адчуванне няўлоўнае падабенства пафасу герояў Міцкевіча з светапоглядам галоўнага героя знанага рамана Сервантэса.
Народ шляхецкі сацыяльна і маёмасна неаднародны. Ён ведае жорсткую іерархію, падзел на заможных і бедных, паноў і засцянкоўцаў, землеўласнікаў і арандатараў. Іерархію падкрэслівае складаная сістэма сацыяльнага рытуалу¬, што вызначае парадак вітання, называння, шэсця, месца шляхціца за сталом і г. д. Крытэр – заможнасць, радавітасць, сувязі, пасада. Заходнееўрапейскую ганаровую тытулатуру замяняюць назовы пасадаў – "кашталян", "возны", "войскі", "абозны", "стольнік", "падчашы", "падкаморы", "асэсар", "рэгент" і да таго падобнага. Разам з тым дэкларуецца роўнасць шляхты ("кожны можа быць абраны на караля"; і засцянкоўца Радзівіл можа назваць у гуморы "панам-братам").
Другім бокам іерархічнасці шляхецкага грамадства з'яўляецца спаборнасць – канкурэнцыя, што праяўлялася ў вызначэнні лепшага, здатнейшага – на паляванні, у бойках, п'янках. Паляванне – ці не адзіная адмена квазіэканамічнай дзейнасці, якой шляхціц у паэме Міцкевіча мае за гонар персанальна бавіцца.
Любы канфлікт шляхта схільная развязваць сілай, але, з другога боку, гэтыя збройныя сутычкі выглядаюць на рытуальнае тэатралізаванае відовішча, калі перастрэлка перамяжоўваецца двубоем камандзёраў варагуючых бакоў – сапраўднай дзеяй, якая перапыняецца расповедамі показак і пошукамі гістарычных аналогій.
Дыхтоўная вопратка, зброя, конская і сабачая збруя, бяседны стол –закліканыя рэпрэзентаваць не столькі багацце, колькі веліч і старажытнасць роду, цануюцца рэчы "з гісторыяй". Адсюль пагарда да ашчаднасці. Шчодрасць, гасціннасць – адзнака шляхетнасці. У жыцці шляхты скрозь прасочваецца элемент гульні. Шляхціцы ў паэме Міцкевіча нагадваюць сучасных удзельнікаў клубаў гістарычнай рэканструкцыі, – яны часта рэфлексуюць над тым, што значыць быць шляхціцам, наколькі яны рыцары і гэтак далей. За ўзор бяруцца старажытныя постаці, рыцарскія ўчынкі ранейшых часоў.
Шляхціц увесь час пачуваецца нібыта пад пагрозай выкрыцця законнасці сваіх шляхетных прэтэнзій, паглядая на сябе збоку ў люстэрка мінулага. Адсюль спрэчкі пра навіцыяцкія гербы і праўдзівыя спосабы палявання, адсюль крыза сацыяльна-культурнай ідэнтычнасці. Ідэал рыцара, да якога заляцаецца шляхціц-ліцвін, не зусім адпавядае новым вымогам часу. Сармацкі ідэал страціў сваю функцыянальнасць, гэтаксама як страцілі практычнае значэнне тытулы "возных", "войскіх" ды іншых. Адсюль поцяг да бутафорыі, маскаванне ў старажытныя строі, тэатралізацыя ўзаемаадносінаў, любоў да дзедаўскай кулінарыі, апалагетыка руінаў, літаратуршчына, байранічны плашч. Адсюль нелюбоў шляхціцаў да моды, боязь новых людзей, здольных заўважыць іх бутафорны побыт. Ліцвінская шляхта Міцкевіча мае аграмадны гістарычны капітал, але ў яе няма сучаснасці, як вынік, эміграцыя герояў паэмы з краю. І прычына тут не толькі ў маскоўскай акупацыі, але і ў анахраністычнасці самой шляхецкай ліцвінскай ідэнтычнасці, "сармацкай" ідэалогіі, яе няздольнасці змяняцца. Адсюль адчуванне ўласнай нятоеснасці, адрыў ад этнічных карэнняў, "эміграцыя" ў пальшчызну.
Літва Міцкевіча – гэта архіпелаг выспаў шляхецкіх сядзіб. Народ Міцкевіча – шляхта. Шляхта, прычым выключна каталiцкая. Але ж iснавала праваслаўнае і пратэстантскае дваранства. Ва ўяўленнi Мiцкевiча апошнія – здраднiкi “айчызны-Лiтвы”? Дык можа “айчызна-Лiтва” была iм мачахай, калi нават iнтэлектуалы, кшталту Мiцкевiча, бачылi гiсторыю краiны праз прызму старадаўніх мiтаў аб лацiнскiм паходжаннi лiтоўскага набiлiтэту?
Літва Мiцкевiча выглядае канфедэрацыяй маёнткаў ды засценкаў у моры непраходных пушчаў, дзе сярод разнастайнага звяр'я зрэдчас пракідаецца "селянін-іншаверац", непазбежны прыдатак літоўскага пейзажу. Да элементу пейзажу можна мець сантымент, але для шляхецкай сармацкай псiхалогіi непамысна шукаць сваіх вытокаў у вясковай песні ці легендзе. Зрэшты, апошняе не выключае культурнага перасячэння з селянінам-русінам. Дзеля гэтага дастаткова падняць яго на свой узровень, зрабіць свабодным, то бок шляхціцам: "Я раю пану: як дасі свайму сялянству // Свабоду, то, па даўнім звычаі, дваранства // Таксама дай і прыпішы свой герб. . . " [Міцкевіч 1998, 329]. Сам па сабе, у сваім самабытным культурным асяродку селянін шляхціцу-ліцвіну малацікавы.
Калi Мiцкевiч быў абыякава да сялянскага і мяшчанскага побыту сваёй краіны, магчыма, мы можам рэканструяваць паводле тэксту ягонай эпiчнай паэмы побытавую культуру лiцвiнскай шляхты? Але, напрыклад, кулінарыю ліцвінскіх маёнткаў Міцкевіч узнаўляў паводле кнігі старапольскай кухні "Compendium ferculorum" [Міцкевіч 1998, 362]. Магчыма, "рэгіянальныя" і станавыя адрозненні любай сэрцу паэта Літвы – нішто перад ідэалам палітычнай свабоды, – гэта тая ахвяра, якую можна прынесці на аўтар Канстытуцыі 3 траўня 1791 году? Але што ў такім выпадку застаецца ад Літвы Міцкевіча аўтэнтычнага акрамя краявіду? Дзе месца беларусам-русінам у гэтай ідыліі? Адказу ў паэме не знаходзім. Беларусь, маці-Беларусь, пачынаецца там, дзе сканчваецца паэма Міцкевіча, яго айчызна-Літва, ліцвінская культура і ліцвінская палітычная традыцыя. Варта згадзіцца з тэзай Алега Латышонка: "...мы не можам лічыць літоўскі сепаратызм, у адносінах да палітычнай дамінацыі польскае Кароны, папярэднікам беларускай нацыянальнай свядомасці" [Латышонак 1992, 9].
Зрэшты, гэтае разуменне не мусіць перашкаджаць нам у рэцэпцыі шматмоўнай культурнай спадчыны, якая стваралася на этнічных землях сучаснай Беларусі ў мінулыя эпохі.
Так, польскамоўнасць "Шляхціца Завальні" Яна Баршчэўскага не робіць яго меней беларускім. Ян Баршчэўскі, перабываючы ў засені славы Адама Міцкевіча, выявіў большую інтэлектуальную смеласць за свайго знакамітага сучасніка. Празаічныя творы Яна Баршчэўскага з'яўляюцца адной з найпершых прэзентацый Беларусі ў польскамоўнай літаратуры ХІХ стагоддзя [Хаўстовіч 2001, 10]. У адрозненні ад большасці аналагічных спробаў таго часу, у якіх ідэя беларускасці паўстае як рэдукаваны і зніжаны варыянт краёвага ліцвінскага патрыятызму, прызначанага паспалітым – "Літва для бедных", Беларусь Яна Баршчэўскага – самадастатковая каштоўнасць.
І мова твора, і выбар герояў (шляхціцы, студэнты полацкай езуіцкай акадэміі) сведчаць на карысць таго, што проза Яна Баршчэўскага адрасавалася чытачам шляхецкага паходжання. Толькі пяць першых апавяданняў (аўт. – маецца на ўвазе "Шляхціц Завальня") Я. Баршчэўскага – "сялянскія", "простанародныя", – канстатуе даследчык творчасці Я. Баршчэўскага Мікола Хаўстовіч, – усе астатнія (а таксама аповесці "Драўляны Дзядок і кабета Інсекта", "Душа не ў сваім целе") апавядаюць пра вышэйшы клас беларускага грамадства, пра найбольш характэрных яго прадстаўнікоў другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. [Хаўстовіч, 2003, 114]
Творы Яна Баршчэўскага ствараліся для шляхты і пра шляхту. Баршчэўскі не адкрываў новую экзатычную краіну ці сялянскі народ, як гэта рабілі літаратары-рамантыкі. Галоўнае "адкрыццё" пісьменніка з Полаччыны – беларускае дваранства, пра існаванне якога ў першай палове ХІХ стагоддзя ўжо паспелі забыцца. У сваіх творах Ян Баршчэўскі фармулюе рацыі і абавязкі шляхецкага саслоўя перад грамадствам, стварае ідэал беларускага шляхціца – патрыёта Беларусі. Менавіта гэтая задача арганізуе ідэйнае поле "Шляхціца Завальні".
Беларускі патрыятызм Яна Баршчэўскага, калі зважаць на небагаты ўласнабеларускі літаратурны кантэкст эпохі, здаецца беспрэцэдэнтным. Але яго творчасць паўстала не на пустым месцы. Яна з'явілася развоем традыцыйных рэгіянальных замілаванняў краёвай шляхты, а таксама культурнай фронды ў асяродку праваслаўнай і уніяцкай інтэлігенцыі [Латышонак 1992, 9-14] (ёсць звесткі, што Ян Баршчэўскі паходзіў з сям'і уніяцкага святара [Хаўстовіч 2002, 14]), якая не забывалася на высокую пісьмовую культуру русінаў і дзяржаўную спадчыну крывічоў [Пачынальнікі 2003, 59-63, 294-295].
З "новай" назвай краіны Ян Баршчэўскі вяртае свайму чытачу "старыя" – традыцыйна-патрыярхальныя – узоры пераймання, гераізаваныя і легітымізаваныя спасылкамі на крывіцкую архаіку (згадайма, напрыклад, аповед пра князя Боя) [Баршчэўскі 1990, 89]. Крытыкуючы арыстакратыю, пісьменнік супрацьпастаўляе сармацкаму кансерватызму беларускі традыцыяналізм, блізкі як сялянству, так і дробнай шляхце.
"Аканом быў з засцянковае шляхты, заможны гаспадар, але верыў у тое самае, што і просты люд" [Баршчэўскі 1990, 130] – тое ж можна было сказаць пра пераважную большасць засцянковай беларускай шляхты пачатку ХІХ стагоддзя [Нарбут 2005]. Паводле гаспадарчых зацікаўленняў, эканамічных мажлівасцяў і штодзённаму побыту яна стаяла бліжэй да сялянства, чым да магнатаў. У крытыцы магнатэрыі Ян Баршчэўскі быў несамотны. Усведамленне адзінства гістарычнага лёсу з простым народам, пачуццё віны за тыя неразважлівыя дзеянні эліты, якія прывялі Рэч Паспалітую да страты дзяржаўнасці, – сталіся часткай свядомасці шляхты пачатку ХІХ стагоддзя. Прыходзіла разуменне, што спагада да селяніна – не проста вымога хрысціянскага выхавання, але і прыкмета палітычнай мудрасці, выяўленне клопату аб дзяржаве, якой з гледзішча пагрозы знешняй агрэсіі напрыканцы XVIII-пачатку XIX стагоддзя так неабходна была сацыяльная згода.
Радзіму-Беларусь Я. Баршчэўскі персаніфікуе ў вобразе Плачкі – жанчыны ў сялянскім строі, якая аплаквае герояў мінулага, забытых сучаснымі панамі: "Калі некаторыя нашы багатыя і вучоныя паны падарожнічаюць у шыкоўных фаэтонах або на ловах гойсаюць з ганчакамі па лясах, гарах і пустках, гэтая Плачка часта сустракае іх, нібы сірата, ва ўбогім сялянскім уборы, моўчкі падымае на іх блакітныя, слязьмі залітыя вочы, быццам просячы ў іх літасці, але з гэтых паноў ніхто на яе не зважае" [Баршчэўскі 1990, 134].
Стаўленне да простага беларускага народу і адносіны да радзімы ў Яна Баршчэўскага збліжаюцца. "Яны не разумеюць, што значыць быць добрым чалавекам, а думаюць толькі пра заслугі і гербы сваіх продкаў" [Баршчэўскі 1990, 176], – па логіцы Баршчэўскага нялітасцівы і люты ў дачыненні сваіх падданікаў пан наўрад ці здольны пераадолець саслоўны эгаізм і ўзняцца да агульнадзяржаўных рацый.
Адказнасць за краіну і народ, патрыятызм – складовыя часткі шляхецкага кодэксу паводзінаў. Ян Баршчэўскі вуснамі сваіх герояў заклікае шляхту не марнасловіць, абмяркоўваючы вартасці коней, ганчакоў ды жанчын у застольных размовах, а займацца пошукам спосабаў паляпшэння эканамічнага становішча краю і павялічэння дабрабыту грамадзян.
Шляхціц з "ніжэйшага дваранства" – чалавек з сацыяльнай місіяй. Ён медыятар паміж вуснай традыцыяй і пісьмовай культурай, пакліканы да іх сінтэзу. Рэфлексія вымагае адмысловых здольнасцяў. Адна з найважных перадумоваў для яе – веданне гісторыі. Шляхціц Яна Баршчэўскага – носьбіт гістарычнай памяці. Прычым традыцыя разумеецца шырока – ад спосабаў гаспадарання да ўмення гатаваць нацыянальныя трункі.
Як гаспадар маёнтку, арганізатар вясковай працы, шляхціц павінен быць назіральным, цікаўным і шмат вучыцца. Веды, якія нястомна здабываліся ім, носяць практычны характар і часцяком зліваюцца з комплексам "народных ведаў": "Каб гаспадарыць у маёнтку – мала старання, трэба быць чалавекам дасведчаным, добра ведаць якасць зямлі, дзе што пасеяць; ведаць час, калі сеяць гарох, пшаніцу, ячмень ці авёс, а што найцяжэй – прадбачыць перамену надвор'я, калі прыйдзе час сенакосу" [Баршчэўскі 1990, 142].
Калі шляхціц XVII-XVIII стагоддзя – гэта перадусім рыцар, "чалавек гонару", то героя-шляхціца твораў Баршчэўскага можна ахарактарызаваць як "чалавека сумлення". Яго этычныя перакананні рэгулююць абсуд роўных сабе, абсуд нашчадкаў, сялян і слуг. Дзе б не фармавалася грамадская думка (у карчме ці ў касцёле) і што б не палягала ў яе подзе (хрысціянская мараль ці суседская зайздрасць), небагаты шляхціц мусіць датрымлівацца кампрамісу з меркаваннямі грамады, бо большай часткай свайго дабрабыту ён забавязаны цывільнай службе ў прыватных асобаў, то бок добрым рэкамендацыям, а не асабістай вайсковай доблесці, як было раней. Прадстаўнікі беларускага "ніжэйшага дваранства" свой хлеб здабывалі суладна біблейнаму запавету "ў поце твару свайго". "Як бачу, вашэць любіць спаць па-панску; уставай, у простых людзей гэта грэх, і цябе назавуць гультаём" [Баршчэўскі 1990, 98], – кажа пан Завальня апавядальніку. Гэтым эпізодам акцэнтуецца скразная думка твору, – беларускаму грамадству – ад селяніна да шляхціца – варта разлічваць толькі на ўласныя сілы і працу, не спадзеючыся на хуткае абагачэнне ці абяцанкі "чарнакніжнікаў"-чужынцаў.
Такім чынам, аналізуючы творы Я. Баршчэўскага і А. Міцкевіча, мы бачым не супрацьлеглыя тэндэнцыі, а розныя этапы развою айчыннай грамадскай думкі. Нацыянальныя і саслоўныя стэрэатыпы А. Міцкевіча былі "закансерваваныя" эміграцыяй, пачуцці ж Я. Баршчэўскага жывіла непасрэдная далучанасць да свайго народу і роднай зямлі.

Літаратура:
Баршчэўскі Ян. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. – Мн.: Маст. літ., 1990
Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. – 1992. – №1
Міцкевіч А. Пан Тадэвуш. – Мн. : Маст. Літ. , 1998
Нарбут Б.М. Шляхта околичная // [Электрон. рэсурс] – СПб., 2005. – Рэжым доступа: http://www.petergen.com/lwk/szlachta/szlazasc.shtml
Пачынальнікі / Уклад. Г.В. Кісялёў. – Мн.: Бел. навука, 2003 Хаўстовіч М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30-40-х гг. ХІХ ст. – Мн.: БДУ, 2001
Хаўстовіч М.В. Мастацкі метад Яна Баршчэўскага. – Мн.: БДУ, 2003
Хаўстовіч М.В. На парозе забытае святыні. – Мн.: Права і эканоміка, 2002
Цьвікевіч А. "Западно-руссизм". – Мн. , Навука і тэхніка, 1993
Яновіч С. Пад знакамі Арла й Пагоні // [Электрон. рэсурс]– Бібліятэка Камунікат, Беласток., 2005–Рэжым доступа: http://kamunikat.fontel.net/www/knizki/historia/janovicz/pad_znakami/index.htm
ХІХ стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. – Мн.: БДУ, 2000

Создано : 12/11/2008 @ 15:00
Обновлено : 12/11/2008 @ 15:18
Категория : КУЛЬТУРА ШЛЯХТЫ
Страница просмотрена 1159 раз


Предпросмотр печати Предпросмотр печати     Версия для печати Версия для печати

Комментарии:



^ Наверх ^